Хостинг, антивирусы и другие IT-услуги от Support.by.            Производство и монтаж сушильных камер - beros.by

№ 2(7) | БЕЛАРУСКАЯ ГАЗЕТА | 30. 01 – 12. 02. 2003 года | ПАДПІСНЫ ІНДЭКС 63773

НазадНа галоўнуюКантактАрхіў

Алесь Рыбак

Арышт настаўніцы
Урывак з рамана

    У хату, не пастукаўшыся, зайшла, напусціўшы клубы марознай пары, Клаўдзя, іхняя паштарка. Верка ўсхапілася з шлабана, чамусьці занепакоілася. Ведала, што пісьма ад Колі яшчэ не павінна быць, бо толькі тыдзень як атрымала. Хіба мо ад Славіка з таго яго Сувораўскага вучылішча?
    Клаўдзя, не знімаючы з пляча пацёртую да дзірак брызентавую торбу, прысела на вольны край шлабана і, хукаючы на чырвоныя ад холаду рукі, сказала:
    – Заўтра, як уходзяцца, у Вінцуковай хаце сход мецьме. Будуць упаўнаважаныя са Стаўбуноў. Бурдзейка загадаў усіх абысці і наказаць. Відаць, пра калхоз будуць...
    Навіна гэтая ні для Веркі, ні для Юзіка не стала нечаканай. Яны ведалі, што рана ці позна і да іх вёскі дабяруцца. Вунь амаль паўсюль кругом – і ў Печкурах, і ў Залужжы, і ў Сверычах – прайшлі сходы, людзі хто самі, хто пасля ўгавораў, а то і пагроз напісалі заявы, і цяпер там аб’ядноўваюць усё, ладзяць гэтыя самыя калгасы.
    Іхнія ж Галаброды неяк дасюль абыходзілі, і ў таго-сяго пачала ўжо цепліцца надзея, што мо абыдзецца, мо іх не зачэпяць, мо ўжо нацешыліся тымі калгасамі і пакінуць іх у спакоі. Ага, пакінуць, чакай...
    Клаўдзя, трохі пагрэўшыся, пайшла, а Юзік адразу паклаў свой гэблік, іншы рыштунак пад шлабан, пачаў падмятаць стружкі. Ведаў – работа сёння больш не будзе клеіцца. Верка таксама не лягла, бязладна тапталася па хаце, не знаходзячы сабе пэўнага занятку. Нарэшце нешта надумала, апранула кажух, завязала на галаву ваўняную хустку і памкнулася да дзвярэй. Ужо на парозе кінула:
    – Схаджу да Ліды, мо што Іван яе чуў, ён жа сёння меўся ехаць у сельсавет, дзіця запісваць.
    Верка пайшла, а Юзіка няўцерп пацягнула ў хлеў. Хоць было яшчэ ранавата карміць нанач скаціну, але ён не стрываў, злазіў на вышкі, скінуў бярэмца мурожнага сена, даў спачатку трохі Сойцы, якая ад задавальнення мыкнула, пацягнула сваю вільготную пысу да ягонай рукі, пасля рэшткі панёс у загарадку насупраць. У паўзмроку не адразу згледзеў, што конь ляжаў, і Юзік ледзьве не напароўся на яго. Малыш борзда ўскінуўся на ногі, таксама памкнуўся да рук гаспадара. Юзік навобмацак – вока яшчэ не асвойталася ў гэтым паўзмроку – знайшоў яслі, паклаў туды сена. Конь, пераціраючы зубамі чарговы шматок сена, павярнуў голаў да гаспадара, хітнуў галавой, бы дзякуючы за нечаканы пачастунак. Юзік не стрываў, абняў каня за шыю. Рукам было цёпла, і ён гладзіў і гладзіў, бясконца церабіў у пальцах негустую гладкую поўсць. Але замест радасці гэты раз нагортваліся на вочы слёзы. Балюча было думаць, што і зямля, з якой ужо звыкся і на якой выліў нямала поту, і вось гэты Малыш, і яшчэ многа чаго заўтра могуць стаць не яго, не іхняе з Веркай нажытае, купленае ці зробленае сваімі рукамі, а калгаснае, лічы, ужо нічыё.
    Каб не расвельваць сябе (ат, што будзе, то будзе) і не паказаць Верцы, што яго надта хвалюе той заўтрашні дзень, Юзік пайшоў у гумно, з загарадкі ў куце выкінуў на святло дзесяткі два жытніх снапоў. Зняўшы перавяслы, ён пачаў кругам, так, каб калоссе было ў сярэдзіне гэтага круга, высцілаць снапы на цвёрда выбітым таку.
    Цэп быў хвацкі, прывезены яшчэ адтуль, з Беласточчыны. Юзік майстраваў яго сам, так, каб ён быў у меру і цяжкі і разам з тым не адбіраў рук. Гэты цэп ён звычайна даваў Вадзіму, калі малацілі ўдвох, сам жа браў другі, трохі цяжэйшы і не такі спрытны, але ўсё роўна яшчэ прыдатны для работы...
    *
    Вадзім сёння таксама быў як ніколі ўзрушаны, нават ашаломлены. Ды і не ён адзін. Сёння ўся школа гула, як патрывожаны вулей. І не дзіва: на вачах ва ўсіх адбылося нешта незразумелае, нават страшнае...
    А пачынаўся ж дзень, як і звычайна ў школе: мітусня ля вешалак, бясконцае ляпанне ўваходных дзвярэй, адкуль цягнула холадам, бурчанне прыбіральшчыцы, калі хто, асабліва з хлапчукоў-падшыванцаў, цягнуў на валенках ці бурках процьму снегу, беганіна па калідорах, што ажно гойдаліся дошкі, самых гарэзных і непаседлівых.
    Гэты раз Вадзім прыйшоў у клас першы. Ён чакаў Валодзю Родзіка, каб спісаць у яго задачы па фізіцы. Учора яны дамовіліся аб гэтым. Валодзя, праўда, цягнуў яго пасля ўрокаў дадому, абяцаў пачаставаць мёрзлымі антонамі, заадно і задачы разам парашаць. Аднак Вадзім, хоць і не вельмі рашуча, адмовіўся. Спаслаўся на тое, што трэба шурыну памагаць, бо сястра не можа – цяжарная, а яму ж яшчэ і далёка ісці такой замеццю.
    Заняткі пачаліся, а Валодзя чамусьці ў клас не з’явіўся. Першым урокам была геаграфія, але замест Святланы Мікалаеўны, іхняе геаграфічкі, у клас пасля званка зайшоў Аляксей Мітрафанавіч, дырэктар школы. Ён веў гісторыю, а гэты прадмет быў сёння ў раскладзе другім.
    – Што са Святланай Мікалаеўнай? – са спагадай спытаў Янка Шакурны. – Яе ж урок...
    – Захварэла. Праз гаспадыню перадала, што тэмпература, – Аляксей Мітрафанавіч разгарнуў журнал, пачаў правяраць прысутных. – А Родзік дзе? – цяпер ужо звярнуўся з пытаннем да класа. – Ён другі мой урок прапускае.
    Коля Горчак не вытрываў, таямніча-хітравата хіхікнуў:
    – Таксама тэмпература. Уга, і ў мяне ўзнялася б, каб гэтулькі ля плота прастаяў. Ды з кім...
    Дырэктар сёння быў лагодны, перачакаў і смех, і разборкі, але пасля, нічога, відаць, не зразумеўшы (а мо прытвараўся?), адразу неяк пасуровеў і, не выклікаўшы нікога для адказу, пачаў расказваць новую тэму.
    Яму не далі давесці ўрок да канца. У дзверы нерашуча пастукалі, і не паспеў Аляксей Мітрафанавіч слова сказаць, як яны са скрыгатам прачыніліся, паказалася галава чымсьці вельмі ўстрывожанай, нават перапалоханай прыбіральшчыцы.
    – Каму няўцерп? Ці што здарылася? – павярнуў да яе голаў дырэктар, вагаючыся, выйсці ў калідор і там усё высветліць, ці пачуць, што яна хоча сказаць, тут жа, у класе.
    – Там...там...прыехалі...Сядзяць у вас. Загадалі...
    Па дрыжачым голасе, бяскроўных губах цёткі Лёксы (так звалі гэтую старую, плоскую, як трэска, кабету і школьнікі, і настаўнікі) Аляксей Мітрафанавіч зразумеў: трэба ісці, нешта адбылося такое, што без яго ўдзелу аніяк не разбяруцца.
    Спусціўшыся на першы паверх, ідучы па пустым пакуль што калідоры да свайго кабінета, ён скрозь прасветы ў распісаных марозам шыбах вокан згледзеў ля брамкі чорны сілуэт легкавушкі. Нядобрае прадчуванне абпаліла ў яго ўсё нутро, іголкай кальнула ў сэрца.
    У кабінеце ў форме работнікаў органаў бяспекі сядзела трое.
    – Здравствуй, здравствуй, дорогой, – на ківок дырэктара неяк загадкава-злавесна адказаў адзін з іх, які, не зняўшы нават шапкі, па-гаспадарску ўсеўся за сталом, паклаўшы наверх пульхныя, нездарова белыя рукі. Двое іншых, таксама ў галаўных уборах, размясціліся на кушэтцы. Маладзейшы, што быў бліжэй да дзвярэй, курыў. Пры з’яўленні дырэктара ён, праўда, памкнуўся патушыць цыгарэту, але іранічны погляд таго, за сталом, відаць, старшага па чыну, прымусіў курца схамянуцца, зноў запыхкаць дымам.
    – Чым абавязаны важным гасцям? – Аляксей Мітрафанавіч, не знаходзячы сабе месца, таптаўся пасярод пакоя, ліхаманкава прыкідваючы ў думках, як сябе паводзіць, што пытацца і што гаварыць. Страх, які на першым часе ледзь не паралізаваў яго, паціху пачаў праходзіць. З’явілася нават злосць.
    – Гэта маё рабочае месца, – ён падышоў да стала, як не на самыя рукі нязванага візіцёра кінуў класны журнал.
    – Место тебе будет, не беспокойся, насидишься, – незразумела з якім намёкам выціснуў скрозь зубы старшы, але ўсё ж падняўся, даў сесці дырэктару. – Свили здесь гнездо разные антисоветские элементы, а директор прикидывается святошей, будто ничего не понимает, не видит и не слышит.
    – Вы пра што?! – ажно пабялеў Аляксей Мітрафанавіч. – Тут нейкая памылка, недарэчнасць. У нас нармальная, здаровая школа, ніякіх «элементаў», як вы кажаце, у нашым асяроддзі няма.
    Старшы хмыкнуў:
    – Это кто как смотрит... – ён раптам напружыўся, вочы сталі халодныя і калючыя. – Хватит болтовни. Позовите сюда Беляцкую, учительницу вашу. И побыстрее! А нет – так сами пойдем и выведем ее. Кстати, в котором классе она сеет свою отраву? В восьмом «а»?
    – Якую атруту? Што вы гаворыце?! – Аляксей Мітрафанавіч кінуўся ў крэсла, хапіўся за сэрца. – Яна – лепшая ў раёне настаўніца беларускай літаратуры, гэтулькі ведае, дзеці любяць яе. Яна сама піша вершы, сустракалася з многімі вядомымі пісьменнікамі... ставіць у школе спектаклі...
    – Гавно все это! – раптам гаркнуў бялёсы і, узмахам рукі падняўшы з кушэткі дваіх сваіх хаўруснікаў, загадаў: – Найдите ее и в машину! И чтоб не пикнул никто!
    Аляксей Мітрафанавіч як не ўзмаліўся:
    – Таварышы, таварышы! Лепш ужо я сам паклічу яе сюды. Вы ж усю школу паставіце на вушы, перапужаеце дзяцей. Што яны падумаюць?
    – Тебе нужно было заранее думать, кем себя окружил... – старшы ўсё ж даў адбой напарнікам, якія ўжо выйшлі былі ў калідор. – Так и быть, пусть сам приведет. Только без дураков!..
    Яны засталіся ў кабінеце, а дырэктар зноў, ледзь валочачы ногі, падняўся на другі паверх, хвіліну, прыхінуўшыся да сцяны, пастаяў, аддыхаўся. Сэрца ўсё тахкала, як усё роўна шалёнае, неспадзеўкі заныла рана ў левым плечуку, атрыманая пры апошнім тым кідку на Заслаўскія вышыні. «Тады, беспрытомнага і акрываўленага, выцягнулі, уратавалі, хоць і паваляўся ў шпіталі. У каго ж зараз прасіць помачы?.. – малаточкам стукала ў голаў думка... А калі б да першага, да самога Ракуцкага? Ён жа ведае мяне, а неяк, калі наведваўся ў школу, гаварыў добрыя словы і пра Бяляцкую. Узяць бы ды пазваніць у Стаўбуны...»
    Аляксей Мітрафанавіч, нягледзячы на задышку, памкнуўся спусціцца з лесвіцы назад, але ўспомніў, што тэлефон ужо тыдзень як не працуе ні ў сельсавеце, ні на пошце, ні ў іх, недзе парвана лінія, і ніхто з раёна чамусьці нават не чухаецца. Ён вынуў з кішэнькі штаноў гадзіннік, шчоўкнуў вечкамі, глянуў, колькі часу. Да званка на перапынак заставалася сем хвілін. Трэба было на нешта рашацца, марудзіцца больш не выпадала.
    Ён мінуў восьмы «в», які пакінуў колькі хвілін назад. Здзівіўся нават, што там без настаўніка досыць ціха, не ходзяць на галаве. Праз адны дзверы быў і восьмы «а», дзе вяла ўрок Тамара Пятроўна. Аляксея Мітрафанавіча зараз здзівіла, адкуль тыя трое, што засталіся ў кабінеце, ведаюць дакладна, у якім класе зараз Бяляцкая. «Яны ўсё і пра ўсіх ведаюць», – з гэтай несуцяшальнай думкай ён адчыніў дзверы, зайшоў у клас. Усе зашоргалі вечкамі партаў, усталі, вітаючыся з дырэктарам. Лёгкім узмахам далоні ён пасадзіў вучняў на месца, а Тамары Пятроўне, якая стаяла ля падваконніка, нешта шапнуў на вуха.
    – А нельга пачакаць? Хутка ж перапынак... – Тамара Пятроўна трохі здзівілася, аднак у голасе дырэктара адчула нешта трывожнае, і калі ён, імкліва, не зачыніўшы нават дзверы, выйшаў, яна папрасіла дзяцей пазаймацца самастойна і падалася ўслед за ім.
    Невядома, хто найраней з вучняў дазнаўся, але чутка пра тое, што прыехалі арыштоўваць іхнюю вучыцельку, імгненна абляцела спачатку другі паверх, пасля першы, дзе месціліся малодшыя класы. Калідор імгненна напоўніўся тлумам і бязладным тупатам дзесяткаў ног. Усе беглі на першы паверх, у вестыбюль, дзе з аднаго боку быў кабінет дырэктара і настаўніцкая, з другога – вешалкі.
    Вадзім, не зразумеўшы спачатку, што за вэрхал падняўся, выйшаў з класа і спусціўся на ніз ледзь не апошні. Ён трохі спазніўся, не ўбачыў, як выводзілі з кабінета самлелую Тамару Пятроўну, як трымалі яе пад рукі двое невядомых у форме, таропка цягнулі да выхаду. На вуліцу, на ганак, загарадзіўшы сабою ўваходныя дзверы, дырэктар нікога не пускаў, дрыготкім голасам, якога ніхто не пазнаў, прасіў усіх разысціся па класах, сесці за парты, пераконваў, што гэта нейкае непаразуменне і настаўніцу хутка адпусцяць, вось толькі звозяць у Стаўбуны, пагавораць трохі і прывязуць назад. Мо нават і да канца заняткаў гэта зробяць. Аднак ніхто яго не слухаў, не хацеў разыходзіцца, нават калі і скончылася перамена. Настаўнікі, бледныя, разгубленыя, таксама ўсе былі тут, у вестыбюлі, сноўдаліся, бы цені, туд-сюд, рабілі бачнасць, што памагаюць дырэктару суняць вучняў, угаварыць ісці на ўрокі.
    Вучобы ў той дзень, хоць пасля і праходзіла ўсё, як заўсёды – званкі на ўрок, пераменкі, не атрымалася. Нікому нічога не лезла ў галаву.

    © 2003 Распрацоўка і падтрымка сайта Рабушка Аляксандр (+375 29 6426672)