    
Рэфармацыя: 450-я ўгодкі
Пазнакі шчырай веры
Маштабны пераход у сярэдзіне XVI cт. беларускіх магнатаў і шляхты ў пратэстанцкія цэрквы забяспечыў фундацыі для пабудовы мураваных святыняў. Некаторыя з іх захаваліся па наш час і могуць шмат паведаць таму, хто здольны пачуць іх таямнічыя споведзі. Бо помнікі старажытнасці нясуць на сабе не толькі адбітак мастацкіх густаў свайго часу, талента архітэктара, майстэрства будаўнікоў. На іх ляжыць адбітак тых пачуццяў, што перажывалі тут пакаленні людзей, - радасці і гора, шчаслівых спадзеяў, здзейсненай малітвы. Тут, у святых мурах, як прыкладам, кальвінскі збор, які аздабляе у Заслаўе, старажытны кальвінскі збор ў Смаргоні, гучалі галасы выбітных людзей той славутай эпохі.
Некалькі стагоддзяў прастаяў кальвінскі збор у Клецку, памятны тым, што тут служыў асветнік Сымон Будны. Будынак зруйнавалі ўжо ў пасляваенны час, з-за чаго Клецк страціў адно з найлепшых сваіх упрыгожанняў. Тады ж, у 1960-х гадах, ахвярай бязглуздасці стаў і Койданаўскі збор - выдатны помнік пратэстанцкай беларускай архітэктуры.
Шмат з таго, што было плёнам працы беларускіх пратэстантаў, зведала непаважнае стаўленне іхных сыноў ды ўнукаў. Асабліва ўславіў сябе гэтым Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка. Усё, што было створана і распачата яго таленавітым бацькам Мікалаем Радзівілам Чорным, чалавекам дзяржаўнага розуму і патрыятычных пачуццяў, Сіротка пусціў з дымам. Падпарадкаваны езуітам, добры арганізатар але банальны ідэолаг, ён у сваіх маёнтках пазакрываў адкрытыя бацькам пратэстанцкія зборы, а лепшыя будынкі перадаў контррэфарматарам.
У сярэдзіне XVII стагоддзя, гэта значыць амаль праз стагоддзе з моманту запачкавання першых суполак, у сувязі з рэпрэсіямі з боку ўлады шмат пратэстантаў мусілі пакінуць радзіму. Старыя будынкі трымаюць памяць пра іхныя малітвы развітання. іхныя словы вернасці абранай веры.
Гэткія ж пакуты прынялі на сябе пратэстанты і ў сталінскія часы, калі іх саджалі ў канцлагеры, калечылі лёсы, забіралі маёмасць за іхную веру. Толькі ў 1951 годзе былі гвалтам вывезены ў Сібір 2100 пратэстанцкіх сямей з Брэстчыны. Нічога не можа быць горш, чым караць людзей за іхнае ўяўленне пра Бога, і малітву да яго.
 Смаргонскі кальвінскі збор XVI cт.
 Сучасная рэфармацкая царква ў Слуцку
 Клецкі збор. Тут прапаведваў Сымон Будны
 Першапачатковы кальвінскі збор у в. Дзераўная
 Сучасная пратэстанцкая царква ў Лепелі
 Былы Мінскі пратэстанцкі храм, ператвораны бальшавікамі ў кінотэатр
 Мінская пратэстанцкая царква, збудаваная ў 1990-я гады
|
|