Новы Час — беларуская газета

«Новы Час» — агульнапалітычная штотыднёвая газета, заснавана Мінскай гарадской арганізацыяй ТБМ імя Ф. Скарыны. Выдаецца з сакавіка 2002 г. Наклад газеты складае 3600 асобнікаў (люты 2021)

Гісторыя

Першы выпуск выдання выйшаў у сакавіку 2002 г. 7 сакавіка 2014 г. газета змяніла лагатып, а таксама дадала ў афармленне чырвоны колер. Юбілейны 500-й выпуск выйшаў 16 верасня 2016 г.

22 сакавіка 2017 г. РУП «Белсаюздрук» падпісала дамову на распаўсюджванне газеты «Новы Час» праз сваю гандлёвую сетку. 8 красавіка 2017 г. газета з’явілася ў шапіках «Белсаюздруку» ў Мінску і Мінскай вобласці, а таксама з’явілася магчымасць афармлення падпіскі на газету праз каталог РУП «Белпошта».

Газета-штотыднёвік «Новы Час» з’яўляецца адным з нешматлікіх рэспубліканскіх выданняў, якое выдаецца цалкам на беларускай мове. У выданні надаецца значная ўвага нацыянальнай культурнай і гістарычнай тэматыцы, газета актыўна прапагандуе палітыку кіраўніцтва беларускай дзяржавы ў той частцы, якая накіравана на захаванне і ўмацаванне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама на захаванне і распаўсюджванне беларускай мовы. Выданне лічыцца газетай для інтэлектуалаў.

Узнагароды

У 2009 г. газета атрымала прэмію імя Герда Буцэрыўса «Вольная прэса Усходняй Еўропы» (Gerd Bucerius-Forderpreis Freie Presse Osteuropas) у памеры 30000 еўра. Намінавалі газету на прэмію: міністр замежных спраў Германіі Гернот Эрлер, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісьменнікаў і беларускае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН. Цырымонія ўручэння ўзнагароды адбылася ў сталіцы Нарвегіі Осла ў Нобелеўскім інстытуце.

 

Меню